Рэкамендацыі экспарцёрам
З улікам структуры эканомік Беларусі і Пакістана можна вылучыць некалькі перспектыўных кірункаў працы па павелічэнні ўзаемнага таваразвароту.
Па-першае, нарошчванне аб’ёмаў узаемных продажаў традыцыйнай прадукцыі: сельскагаспадарчай, кар’ернай і будаўнічай тэхнікі, прадукцыі прыладабудавання і сельскай гаспадаркі, хімічнай і фармацэўтычнай прамысловасці – у Пакістан, у той жа час прадукцыі сельскай гаспадаркі (рыс, гародніна, садавіна, арэхі) і тэкстылю – у Беларусь.
Па-другое, стварэнне супольных вытворчасцяў беларускай тэхнікі ў Пакістане (трактары, самазвалы, пасажырскія аўтобусы, пагрузчыкі і гэтак далей), а таксама супольных вытворчасцяў па выпуску хірургічных прылад, скураных вырабаў і спартыўных тавараў у Беларусі.
Па-трэцяе, стварэнне супольнага вытворчага кластара па выпуску запатрабаваных лекавых сродкаў як на тэрыторыі Беларусі, так і Пакістана. У Пакістане наладжана вытворчасць адносна танных, даступных лекаў вельмі высокай якасці.
Па-чацвёртае, прыцягненне пакістанскага капіталу да праектаў мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў тэкстыльнага профілю.
Па-пятае, супольная вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі: мяса, малака, марозіва, ёгуртаў, дзіцячага харчавання і гэтак далей.
Па-шостае, рэалізацыя супольных праектаў у навукова-тэхнічнай сферы з непасрэдным выхадам на вытворчы цыкл.
Па-сёмае, рэалізацыя праекта па стварэнні ў Пакістане ўніверсітэта прыкладных тэхналогій і выхад на якасна новы ўзровень супольнай прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкі пакістанскіх спецыялістаў з выкарыстаннем беларускіх адукацыйных тэхналогій.
Улічваючы гэта, а таксама ў якасці рэкамендацыі беларускім прадпрыемствам, міністэрствам і канцэрнам важна звярнуць увагу на наступную выснову: каб дабіцца ў Пакістане пэўных сур’ёзных вынікаў, трэба прысутнічаць на рынку гэтай краіны на рэгулярнай аснове.