Аб візіце беларускай прамысловай і навуковай дэлегацый у Пакістан (г.Карачы) для ўдзелу ў Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь у рамках міжнароднай прамысловай выставы ITIF-2021
17.11.2021 г.
16–18 лістапада 2021 г. прадстаўнікі вядучых беларускіх прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый НАН Беларусі і ДКНТ пад эгідай Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн прымаюць удзел у міжнароднай прамысловай выставе «ITIF-2021».
Мерапрыемства праходзіць у сталіцы правінцыі Сінд горадзе Карачы, які з’яўляецца найбуйнейшым фінансавым і эканамічным цэнтрам Пакістана. У выставачным цэнтры гасцініцы «Pearl Continental» г.Карачы разгорнуты Нацыянальны стэнд Рэспублікі Беларусь. На стэндзе прадстаўлена прадукцыя прамысловасці, нафтахімічнай і цэлюлозна-папяровай галін, а таксама перадавыя навуковыя распрацоўкі айчынных прадпрыемстваў і арганізацый.
У прыватнасці, у мерапрыемстве бяруць удзел ААТ «МАЗ», ААТ «Нафтан», ААТ «Полацк-Шкловалакно», ААТ «Белшына», канцэрн «Белнафтахім», Філіял «Завод Хімвалакно» ААТ «Гродна Азот», ААТ «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат», ДУ «БелІСА», Навукова-тэхналагічны парк БНТУ «Палітэхнік», навуковыя падраздзяленні БДТУ, БДУ і БДУІР, а таксама падраздзяленні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — «Навукова-практычны цэнтр па матэрыялазнаўстве» і «Фізіка-тэхнічны інстытут».
Паралельна прадстаўнікі ТАА «БелІндТрэвел» прадстаўляюць наведнікам патэнцыял турыстычных паслуг, якія аказваюцца замежным турыстам у Беларусі.
Нацыянальная экспазіцыя на палях міжнароднай выставы «ITIF-2021" з’яўляецца лагічным працягам дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе перамоваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі з Прэм'ер-міністрам Пакістана І.Ханам у рамках СКД ШАС у г.Душанбэ 16 верасня 2021 г. Акрамя таго, гэтая падзея з'яўляецца адным з важных падрыхтоўчых мерапрыемстваў візіту І.Хана ў нашу краіну ў 2022 годзе ў адпаведнасці з запрашэннем Кіраўніка беларускай дзяржавы.
Ва ўрачыстай цырымоніі інаўгурацыі Нацыянальнага стэнда прынялі ўдзел Пасол Беларусі Андрэй Мяцеліца, Губернатар правінцыі Сінд Імран Ісмаіл (Mr. Imran Ismail, Governor of Sindh) і кіраўнік ГПП г.Карачы, а таксама члены беларускай дэлегацыі.
Удзел Беларусі ў міжнароднай прамысловай выставе «ITIF-2021» паслужыць магутным стымулам для далейшага ўмацавання і развіцця гандлёва-эканамічных сувязей паміж краінамі ў самых розных сферах і будзе садзейнічаць росту беларускага экспарту і паслуг на пакістанскі рынак.
17 лістапада 2021 года на палях прамысловай выставы ITIF-2021 адбыўся Беларуска-Пакістанскі бізнес-форум, у якім прынялі ўдзел Дарадца Прэм'ер-Міністра Пакістана па гандлі і інвестыцыях, сустаршыня Сумеснай Беларуска-Пакістанскай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве Абдул Разак Давуд, Віцэ-прэзідэнт Федэрацыі ГПП Пакістана Ханіф Лакхані. пакістанскія бізнесмены.
Падчас Форума вядучыя беларускія прамысловыя прадпрыемствы і навуковыя ўстановы Беларусі прэзентавалі шырокай пакістанскай аўдыторыі брэнды з Беларусі, а таксама правялі B2B перамовы ў кантэксце ўмацавання дзелавога супрацоўніцтва паміж краінамі, пошуку кропак судакранання і выхаду на канкрэтныя праекты. У прыватнасці, напярэдадні адкрыцця Форуму вядучымі ўніверсітэтамі Беларусі падпісаны мемарандумы аб намерах з пакістанскім універсітэтам Ікра (Iqra University) аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і адукацыі.