:

Выдача пасведчання на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь

Пасведчанне на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь выдаецца дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі ці консульскімі ўстановамі:
 — грамадзянам Рэспублікі Беларусь – у выпадку страты (крадзяжу) пашпарта грамадзяніна, службовага ці дыпламатычнага пашпарта або заканчэння тэрміну дзеяння пашпарта падчас знаходжання за межамі нашай краіны;
 — непаўналетнім грамадзянам – у выпадку іх нараджэння за межамі Рэспублікі Беларусь;
 — асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, бежанцам і замежным грамадзянам, якім прадастаўлена прыстанішча ў Рэспубліцы Беларусь, – у выпадку страты (крадзяжу) праязнога дакумента падчас іх знаходжання за межамі Рэспублікі Беларусь;
 — грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і маюць несапраўдныя дакументы для выезду з Рэспублікі Беларусь і (або) уезду ў Рэспубліку Беларусь, – у выпадку іх дэпартацыі, выправаджэння ў Рэспубліку Беларусь, выдачы Рэспубліцы Беларусь.

Пасведчанне на вяртанне выдаецца для аднаразовага ўезду ў Рэспубліку Беларусь і не можа быць выкарыстана для выезду з нашай краіны.

Пры прыёме заявы аб выдачы пасведчання на вяртанне службовая асоба дыпламатычнага прадстаўнiцтва ці консульскай установы Рэспублiкi Беларусь ўстанаўлівае асобу і грамадзянства заяўніка, наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць яго асобу і грамадзянства, апытвае яго пра абставіны страты (крадзяжу) пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, дыпламатычнага ці службовага пашпарта, праязнога дакумента.                                               

У выпадку немагчымасці ўстанавіць асобу і грамадзянства заяўніка службовая асоба дыпламатычнага прадстаўнiцтва ці консульскай установы Рэспублiкi Беларусь накіроўвае запыт у органы ўнутраных спраў па месцы жыхарства заяўніка ў Рэспубліцы Беларусь аб пацверджанні асобы і грамадзянства заяўніка.

Па прыбыцці ў Рэспубліку Беларусь ўладальнік пасведчання на вяртанне павінен ў месячны тэрмін здаць яго ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі органа ўнутраных спраў па месцы жыхарства або ў Міністэрства замежных спраў (у выпадку выдачы пасведчання на вяртанне наўзамен страчанага (выкрадзенага) дыпламатычнага ці службовага пашпарта, а таксама пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь грамадзяніну, які стала пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца на консульскім уліку (серыі «РР»)).

Дакументы, выдадзеныя кампетэнтнымі органамі замежных дзяржаў, прымаюцца пры ўмове іх легалізацыі (або прастаўлення апастылю) і натарыяльна заверанага перакладу на адну з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь.

 

Консульскі збор за выдачу пасведчання на вяртанне складае 20 еўра.
Бясплатна выдаецца пасведчанне на вяртанне грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, які:
– не дасягнуў 14-гадовага ўзросту,
– высылаецца, дэпартуецца ў Рэспубліку Беларусь або выдаецца Рэспубліцы Беларусь па хадайніцтвах праваахоўных органаў замежных дзяржаў, або з'яўляецца ахвярай гандлю людзьмі ці не мае сродкаў для аплаты консульскага збору.

Тэрмін дзеяння пасведчання на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь складае не больш за 6 месяцаў.

Заяўнік адказны за ажыццяўленне ўсіх неабходных адміністрацыйных працэдур у іміграцыйнай службе замежнай дзяржавы ў дачыненні да пасведчання на вяртанне (унясенне штампаў, іншых адзнак, рэгістрацыя ў сістэме).

Для выдачы пасведчання на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь грамадзянін, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту, ці асоба без грамадзянства, якая стала пражывае ў Рэспубліцы Беларусь прадстаўляе ў Пасольства:
– заяву на выдачу пасведчання з указаннем абставінаў страты (крадзяжу) пашпарта, дыпламатычнага ці службовага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або праязнога дакумента Рэспублікі Беларусь;
– дзве каляровыя фатаграфіі заяўніка памерам 40х50 мм, якія адпавядаюць яго ўзросту;
– дакумент, які выдадзены кампетэнтным органам Пакістана і пацвярджае зварот заяўніка па пытанні страты (крадзяжу) пашпарта, дыпламатычнага ці службовага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або праязнога дакумента Рэспублікі Беларусь (за выключэннем выпадкаў немагчымасці яго атрымання);
– квітанцыю аб аплаце консульскага збору.

Для выдачы пасведчання на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь малалетняга грамадзяніна (які не дасягнуў 14-гадовага ўзросту) ці малалетняй асобы без грамадзянства, якая стала пражывае ў Рэспубліцы Беларусь, іх законны прадстаўнік падае ў Пасольства:
– заяву на выдачу пасведчання з указаннем абставінаў страты (крадзяжу) пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ці праязнога дакумента Рэспублікі Беларусь;
– пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу законнага прадстаўніка малалетняга (пры яго наяўнасці);
– пасведчанне аб нараджэнні – для малалетняга, які нарадзіўся за межамі Рэспублікі Беларусь;
– дзве каляровыя фатаграфіі малалетняга памерам 40х50 мм, якія адпавядаюць яго ўзросту;
– дакумент, які выдадзены кампетэнтным органам Пакістана і пацвярджае зварот заяўніка па пытанні страты (крадзяжу) пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь ці праязнога дакумента Рэспублікі Беларусь.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці